Actions

Work Header

Rating:
Archive Warning:
Category:
Fandom:
Relationship:
Characters:
Additional Tags:
Language:
беларуская
Stats:
Published:
2026-05-01
Words:
1,426
Chapters:
1/1
Comments:
2
Kudos:
1
Hits:
38

Галубы

Summary:

У ноч пасля першай атакі на барыкаду Анжальрас не можа знайсці сабе месца і перастаць правяраць, ці ўсё пад кантролем. Раптоўная размова з Фёйі дапамагае трошкі суцішыць буру ўнутры.

Work Text:

Каля поўначы на барыкадзе было ціха. Яшчэ гулі ў паветры ўспаміны ад нядаўняй стральбы, паўсюль перашэптваліся паўстанцы, Жалі даваў нейкія парады тым, хто даглядаў параненых, Камбефер, прыхіліўшыся да сцяны “Карынфа”, глядзеў у пустэчу і бы малітву мармытаў сабе пад нос нешта, у чым можна было разабраць радкі са старых вершаў Жана Прувэра. Але нават гэты агульны гоман быў ціхі. Ноч, якая накрыла Парыж, быццам бы неяк сама сабою прыглушала ўсе гукі, якія ў яе траплялі. Усё было падрыхтаванае, рабіць было больш няма чаго — толькі чакаць.

Анжальрас абыходзіў барыкаду. Параіўшы ўсім адпачыць, сам ён следаваў гэтаму загаду нават менш, чым тыя, на каго ён быў накіраваны. Знешне ён заставаўся спакойны, але ў грудзях усё кіпела. Ён ужо і сам не разумеў, было ў гэтым хваляванні тое ж прадчуванне поспеху, якое панавала сярод паўстанцаў, або нешта іншае. Камбефер раіў яму самому паспаць, але гэта падавалася немагчымым. Яго розум павінны быў заставацца цвярозым. Ён павінны быў быць уключаным, павінны быў усё ўтрымліваць пад кантролем. Яму нельга было нават на хвіліну дазволіць сабе паслабіць пільнасць.

Людзі невялічкімі групкамі былі раскіданыя па ўсёй абмежаванай прасторы. Ён ні да каго не падыходзіў, толькі назіраў збоку і адразу ж крочыў далей. Анжальрас зноў і зноў абыходзіў барыкаду.

На куту “Карынфа” на зямлі сядзела трошкі адасоблена цёмная фігура. Побач з ёю гарэла паходня, асвятляючы зусім невялічкі кавалачак прасторы. Анжальрас, стрыманы нейкім незразумелым пачуццём, спыніўся і ўглядзеўся ў яе. Спатрэбілася некалькі імгненняў, каб пазнаць у фігуры Фёйі. Кароткае валоссе растрапалася, кашуля была расшпіленая зверху, як часта бывала, калі ўлетку на сустрэчы гуртку ён прыходзіў адразу пасля працы, не паспеўшы прывесці сябе ў парадак. Фёйі нешта круціў у руках. У цьмяным святле было не разглядзець яго аблічча, але ва ўсёй позе адчувалася нейкая спакойная засяроджанасць. Анжальрас, сам не ведаючы чаму, павярнуўся і зрабіў крок у яго бок.

— Я прасіў па магчымасці паспаць. — Ён не стаў неяк абазначаць сваю прысутнасць і пачаў яшчэ здалёк, не падышоўшы. Фёйі здзіўлена ўзняў галаву, але, зразумеўшы, хто перад ім, зноў павярнуўся да сваёй справы. У дрыготкім святле паходні мільгала час ад часу лязо кішэннага нажа.

— Я не магу спаць, калі чакаю нечага вялікага. Сэрца б’ецца занадта гучна, — растлумачыў Фёйі і спакой, з якім ён прамаўляў гэтыя словы, зусім не вязаўся з сэнсам. — Праца дапамагае трошкі супакоіць думкі.

Ён паднёс тое, што было ў руках да вуснаў, каб здуць пыл ці нешта яшчэ, і раптам працягнуў таямнічае нешта, над якім працаваў, Анжальрасу. “Нешта” было такое маленькае, што ў цемры з адлегласці яго зусім немагчыма было разглядзець. Анжальрасу прыйшлося падысці бліжэй і нахіліцца. На шырокай далоні ляжала птушка, таленавіта выразаная з корка ад віннай бочкі. Анжальрас зачаравана працягнуў да яе руку.

— Можна? — спытаўся ён, апамятаўшыся толькі тады, калі пальцы ўжо амаль крануліся маленькай фігуркі. Фёйі з рашучасцю кіўнуў.

— Вядома!

Анжальрас акуратна ўзяў птушку з яго рук і паднёс да вачэй. Яна была нават лягчэй, чым ён думаў. Падавалася, калі яе адпусціць, яна на гэтых тонкіх крыльцах так і павісне ў паветры, падтрыманая ветрам.

— Мне трэба было нечым заняць рукі, а тут валяецца вельмі шмат коркаў ад вінных бочак, — патлумачыў Фёйі, пакуль Анжальрас старанна разглядаў птушку. — Гэта павінны быць голуб, але наўрад ці гэта зразумела.

— Вельмі добра зразумела. Вы занадта дрэнна думаеце пра свае здольнасці, — запярэчыў Анжальрас і павярнуў яму птушку. Фёйі, забіраючы яе, мякка пасміхнуўся.

— Дзякуй. Калі ты кажаш, што падобнае, значыцца, гэта сапраўды так.

Ён павярнуўся, каб пакласці птушку кудысьці, і толькі тут Анжальрас заўважыў, што злева ад Фёйі ўжо ляжала некалькі такіх жа. Не паспеў ён здзівіцца гэтаму, як убачыў, што той узяў наступны корак. Нож зноў заслізгаў па падатлівай матэрыі. Анжальрас мімаволі заглядзеўся на тое, як проста і звыкла гэта атрымоўвалася.

Гэтыя рукі існавалі для таго, каб ствараць прыгожае. Вееры, распісаныя з майстэрствам прыроднага мастака. Галубы з вінных коркаў, якія нават у цемры і амаль навобмацак выходзілі вытанчанымі, як не ва ўсіх атрымалася б зрабіць пры дзённым святле. Прагрэс, да якога яны нарэшце накіравалі ўпэўненыя крокі не толькі ў думках.

— Можна я сяду? — нечакана нават для сябе спытаўся Анжальрас. Кіпенне ў грудзях раптам супакоілася. Магчыма, гэта было штылем напярэдадні буры, але яму расхацелася хадзіць і па невядома якім коле даводзіць сабе, што ўсё пад кантролем. На варце застаўся стаяць Курфейрак, калі нешта адбудзецца, ён зрэагуе імгненна, Камбефер таксама быў на падхваце. Ён мог дазволіць сабе некалькі хвілін адпачынку.

Фёйі нічога не адказаў, але адсунуўся трошкі ў бок, звальняючы месца. Анжальрас адклаў карабін і сеў побач, асцярожна, каб няўдалым рухам не парушыць сістэму, у якой ляжалі галубы. Наўрад ці гэтая сістэма ўвогуле была, але зараз падавалася няправільным рухаць іх хаця б на міліметр.

Яны маўчалі, казаць было няма чаго ды і не хацелася, і Анжальрас падсвядома пачаў пералічваць галубоў. Іх было восем. Праслізнула думка аб тым, што ў “Карынфе” пілі зашмат віна, калі выпадкова знайшлося так шмат коркаў.

Пакуль ён думаў, Фёйі скончыў новую птушку і паклаў побач з астатнімі. Яна атрымалася чамусьці менш усіх астатніх і выглядала на фоне іх як яшчэ зусім маладое неразумнае птушаня. Яны з яшчэ двума галубамі паболей неяк выпадкова апынуліся трошкі паасобку ад астатніх, і выглядалі ўтрох амаль як невялічкая сям’я. Анжальрас раптам прыгадаў бацькоў і ў грудзях упершыню за доўгі час нешта заныла.

Яны не бачыліся з таго самага часу, як ён перабраўся ў Парыж. З таго моманту, як упартыя раялісты яму заявілі, што не жадаюць мець нічога агульнага з рэспубліканцамі.

— У вашым узросце звычайна ўжо заводзяць сем’і, — пачаў Анжальрас ніадкуль, раптоўна нават для сябе, толькі каб прагнаць гэтае пачуццё. Такія ўспаміны былі выключна недарэчнымі зараз. — Чаму вы не ажаніліся?

— У тваім узросце звычайна бегаюць за дзяўчатамі, — проста адказаў Фёйі і выцягнуў аднекуль яшчэ адзін корак. — Чаму ў цябе няма каханай?

Анжальрас нахмурыўся, зразумеўшы, што яго пытанне было яшчэ больш недарэчным, чым думкі, якіх ён намагаўся з яго дапамогай пазбавіцца.

Звычайна пытанне, якое зараз у яго адбілі нібы люстэркам, выклікала хвалі раздражнення. Ён бы не здзівіўся, калі б у іншым яно выклікала такую ж хвалю абурэння. Але ў чужых вуснах яно гучала неяк нязвыкла натуральна і спакойна. Так, быццам бы пытанне Фёйі не толькі не патрабавала адказу, але і само было адказам на яго асабістае, выключна дурное.

— У мяне ёсць іншыя рэчы, пра якія трэба думаць, — змрочна прамовіў Анжальрас, не зводзячы вачэй з нажа, які паглыбляўся ў корак лёгка, бы ў масла, і адразаў лішняе, нараджаючы чарговую фігурку. Адводзіць позірк не хацелася, але і глядзець у вочы пасля гэтага дзіўнага выкруту таксама падавалася няправільным. Да свайго вялікага здзіўлення, краем вока ён заўважыў, як Фэйі слаба пасміхнуўся.

— Вось і ў мяне ёсць іншыя рэчы, пра якія трэба думаць. Са змагара за волю дрэнны муж у любым выпадку.

Позірк Анжальраса толькі зараз слізгануў на сцяну, каля якой яны сядзелі. На цёмнай у начным змроку цэгле цвіком былі тонка накрэмзаныя словы: “Жыццё народам”. У яго нават на імгненне не з’явілася пытання, чыя рука іх вывела. Адзін гэты надпіс адказваў на ўсё.

— Чаму менавіта галубы? — каб перавесці тэму, спытаўся Анжальрас, зноў павяртаючы позірк да ўжо дзевяці птушак на зямлі паміж імі. Фёйі паціснуў плячыма і паклаў да астатніх яшчэ аднаго галуба. Дзесяць.

— Аб тым, што вада сыходзіць, Ноя апавясціў голуб, — сказаў Фёйі і схаваў нож у кішэню. З выразам спакою і задаволенасці на абліччы, ён адхіліўся назад, да сцяны. — Мы стаім на парозе новага свету, а сёння як раз ішоў дождж. Чаму б нам таксама не запасціся галубамі, якія дадуць ведаць, што патоп скончыўся?

Ён пасміхнуўся ў канцы, і гэта магло быць ілюзіяй, створанай цемрай і трымценнем полымя на ветры, але вочы яго зазіхацелі нечым паміж марай і надзеяй. Анжальрас адвярнуўся і ўглядзеўся ў нагрувашчванне барыкады. Ноччу, у гэтай цішыні яна зусім не выглядала велічнай.

— Дзіўны ў нас каўчэг атрымоўваецца, — без усмешкі заўважыў Анжальрас, пасля чаго ўсё ж яшчэ раз зірнуў на Фёйі. — Думаеце, нам удасца пачаць з яго новы свет?

— Я спадзяюся, што так. Але пакажа гэта толькі час. Яго ў любым выпадку засталося не так шмат.

Анжальрас нічога не адказаў. Запярэчыць сапраўды было немагчыма. Перамогуць яны ці працерпяць крах, скончыцца ўсё не пазней за наступны вечар. А можа і раней. Яны маглі толькі спадзявацца на лепшае і працягваць змагацца.

— А, і… — Калі Фёйі зноў падаў голас, Анжальрас адразу ж павярнуўся да яго. — Можаш перастаць казаць мне “вы”? Дзіўна прасіць пра гэта праз столькі гадоў, вядома… Але калі я раптам заўтра памру, мне б хацелася, каб ты хаця б у апошнія гадзіны перастаў мне “выкаць”.

Анжальрас не змог не пасміхнуцца на гэтую непасрэдную заўвагу. Пра тое, наколькі несуразмерныя катэгорыі ў ёй аб’ядналіся, ён пастараўся не думаць.

— Добра, — прамовіў Анжальрас і таксама адхіліўся да сцяны, закідваючы назад галаву і ўглядаючыся ў бяззорнае неба. Дзіўна, як па-іншаму зараз успрымаліся рэчы, ад якіх раней кідала б у дрыжанне. — Як скажаш.

Над Парыжам разлівалася ноч. Іх каўчэг перажываў апошнія імгненні штылю.